Ю́Р’ЕВАЙ НО́ЧЫ ПАЎСТА́ННЕ,

сялянскае паўстанне ў Эстоніі ў 1343—45 супраць ням. і дацкіх феадалаў. Выклікана ўзмацненнем феад. і нац. ўціску. Пачалося ў ноч на 23.4.1343 (Юр’еў дзень, вясновы) на зямлі Хар’юмаа. Паўстанцы (каля 10 тыс. чал.) на чале з 4 выбранымі правадырамі аблажылі г. Рэвель (Талін), а сяляне зямлі Ляэнемаа акружылі рэзідэнцыю біскупа ў г. Хаапсала. Біскупскія і дацкія войскі былі разбіты. Феадалы папрасілі дапамогі ў Лівонскага ордэна. 5.5.1343 магістр ордэна запрасіў на перагаворы правадыроў паўстання ў г. Пайдэ, дзе іх забілі. Войскі ордэна разбілі атрады сялян 14 мая пад Рэвелем. 24 ліп. пачалося паўстанне і на в-ве Саарэмаа. У канцы 1343 аб’яднаныя сілы Тэўтонскага і Лівонскага ордэнаў задушылі паўстанне на мацерыку, а вясной 1345 — на востраве.

т. 18, кн. 1, с. 214

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)